Неабсяжны прастор, крыштальна чыстае паветра, мільёны кубаметраў блакітна-сіняга лёду, маляўнічыя пейзажы, быццам з фотаздымкаў National Geographic, — кожная дэталь захапляе і прыцягвае ў Антарктыдзе, у гэтым прызнаўся начальнік гідралагічнай станцыі «Полацк» Віцебскаблгідрамета Мікіта Ізідзераў, удзельнік Беларускіх антарктычных экспедыцый. Малады чалавек ужо тройчы быў на шостым кантыненце, і кожны раз амаль па паўгода. Карэспандэнт «ВВ» даведалася, як Мікіта стаў палярнікам.
Яшчэ ва ўніверсітэце Мікіта Ізідзераў зацікавіўся правя-дзеннем такіх экспедыцый, а вучыўся ён на біялагічным факультэце ВНУ імя П. Машэрава (кафедра геаграфіі). Менавіта тады і загарэўся ідэяй трапіць у навукова-даследчую групу. Таму пасля заканчэння ВНУ Мікіта звярнуўся ў Рэспубліканскі цэнтр палярных даследаванняў НАН Беларусі і прапанаваў сваю кандыдатуру. Дарэчы, у той час ён ужо год працаваў па спецыяльнасці інжэнер-гідролаг на ГС «Полацк».
–Быў сур’ёзны адбор, улічваліся і фізічныя параметры, медыцынскія паказчыкі і псіхалагічныя, безумоўна, мелі значэнне адукацыя і вопыт. Мне пашчасціла, мая кандыдатура падышла па ўсім крытэрыям. І пасля падрыхтоўкі я адправіўся ў сваю першую экспедыцыю ў 2019 годзе на Беларускую антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя», – падзяліўся ўдзельнік экспедыцый.
На станцыі малады палярнік выконваў абавязкі гідраметназіральніка і быў поварам па сумяшчальніцтве. Займаўся вывучэннем рэжыму азёр Антарктыды: сачыў за ўзроўнем вады і яе тэмпературай.
Падчас другой і трэцяй экспедыцый палачанін займаўся ўжо толькі метэаралогіяй і гідралогіяй: назіраў за надвор’ем, ствараў архівы метэада-дзеных.
–Першыя ўражанні ад ледзянога мацерыка складана перадаць словамі, настолькі ўсё было незвычайным, нібы трапіў на другую планету, некранутую чалавекам, – расказаў Мікіта.
У прынцыпе, так і ёсць. Антарктыда – самы вялікі запаведнік на Зямлі, таму ён павінен заставацца чыстым. Смецце там сартуецца і вывозіцца на вялікую зямлю для ўтылізацыі. Паперу можна спальваць на месцы ў спецыяльных печах, а вось попел таксама вывозіцца.
–На белым мацерыку даволі строгія правілы. І гэта датычыцца не толькі смецця. Нельга разводзіць вогнішчы, чапаць жывёл і птушак, карміць іх, таптаць расліннасць. Усё, што можа нашкодзіць прыродзе, пад строгай забаронай, – зазначыў суразмоўца.
Што да працы на станцыі, то пачынаецца яна далёка не з навуковай дзейнасці, бо спачатку трэба ўсё падрыхтаваць для яе бесперабойнага функцыянавання. Палярнікі праводзяць ачыстку тэхналагічных і жылых аб'ектаў ад снежных заносаў, кантрольную рэвізію вонкавых электрычных сетак, рыхтуюць да працы ключавыя сістэмы жыццезабеспячэння і сродкі сувязі.
Калі гаварыць пра перыяд, у які на станцыі кіпіць жыццё, то гэта палярны дзень (з лістапада па люты) – самы цёплы час у Антарктыдзе, калі сонца свеціць 24/7. Удзельнікі экспедыцыі працуюць амаль без выхадных, толькі ў нядзелю ёсць вольны час, да таго ж гэта і банны дзень на станцыі.
–Работы заўсёды хапае, калектыў наш невялікі, крыху болей за дзесяць чалавек, а задач даследчых ды бытавых многа, таму сумаваць не прыходзіцца, трэба ўсё паспець, – усміхаецца Мікіта.
Канечне, падчас экспедыцыі беларускім палярнікам давялося не раз сустракацца з пінгвінамі Адэлі, бачыць цюленяў ды птушку паморніка.
–Недалёка ад станцыі размяшчаецца мыс Гнездавы з калоніяй пінгвінаў Адэлі. Зрэдку мы хадзілі туды, нашы біёлагі іх вывучалі, а для астатніх гэта была проста экскурсія. Дарэчы, бывала, што і пінгвіны прыходзілі да станцыі, назіралі за намі здалёк, – удакладніў начальнік ГС «Полацк».
Расказаў Мікіта Ізідзераў і пра некаторыя прыродныя з’явы, якія здзіўляюць і ўражваюць. Так, у Антарктыдзе бываюць ураганныя вятры, якія дасягаюць 30 – 40 метраў за секунду і могуць з лёгкасцю перавярнуць металічны кантэйнер вагой каля тоны, знесці незакрэпленыя аб’екты. У такія дні забаронена выходзіць з жылых памяшканняў. Вельмі прыгожыя антарктычныя аптычныя з'явы – гало (аблокі незвычайнай формы) і палярнае ззянне. Трэба зазначыць, што Мікіта – цудоўны фатограф і ў яго сотні ўнікальных фотаздымкаў з Антарктыды.
Паведаміў суразмоўца, што калектыў на станцыі дружны. Разам святкуюць дні нараджэння, Новы год і нават 8 Сакавіка.
–Калі экспедыцыя падыходзіць да завяршэння, хочацца хутчэй сустрэцца з сям’ёй, хаця на станцыі ёсць інтэрнэт і магчымасць пагаварыць з роднымі па відэасувязі, але гэта не тое, – падзяліўся палярнік.
Сям'я, двое дзетак і жонка, з разуменнем адносіцца да захаплення Мікіты Антарктыдай і адпускае ў экспедыцыі. І калі зноў з'явіцца магчымасць адправіцца на шосты кантынент, герой публікацыі паедзе абавязкова.
Фота з архіва Мікіты Ізідзерава