Да Дня роднай мовы вучні сенненскай СШ № 1 імя З. Азгура падрыхтавалі батлеечны спектакль «Чортаў камень», у якім апавядаецца пра адну з легенд краю.

Па словах намесніка дырэктара СШ № 1 Таццяны Кучынскай, беларускі народны тэатр лялек з’явіўся ў школе амаль тры гады таму, калі ўстанова адукацыі стала ўдзельнікам рэспубліканскага інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага выхавання вучняў (на прыкладзе батлейкі)». Быў створаны калектыў «Зараначка», вырабілі батлейку і лялек настаўнікі працоўнага навучання Юрый і Ірына Кучко. Пачыналі з класікі – «Цар Ірад», потым паставілі яшчэ некалькі п’ес.

Таццяна Кучынская адзначае, што за гэты час многае зроблена, гэта дазваляе дзяліцца вопытам. Але сенненскія батлеечнікі з задавальненнем вучацца і ў іншых. У рамках праекта былі на мерапрыемствах у Мінску, нядаўна на абласным метадычным фестывалі правялі майстар-клас.

«Зараначка» пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Дзядун складаецца з дзевяцікласнікаў, якія маюць у рэпертуары пяць пастановак. Нядаўна створана зменная трупа з пяцікласнікаў «Зорачка» (кіраўнік Таццяна Асмалоўская), у іх на рахунку «Каза-манюка».

Батлейка размешчана ў музейным пакоі, дзе сабраны прылады працы і побытавыя рэчы продкаў. У прыватнасці, саха канца ХІХ ст., аўтэнтычныя сталярныя інструменты, стагадовыя ручнікі і лапці. Перад спектаклем праводзіцца экскурсія. Сярод гледачоў не толькі вучні СШ № 1, але і выхаванцы дзіцячых садкоў Сянна.

Чортаў камень размешчаны каля вёскі Вароніна і з’яўляецца другім па памерах у Беларусі (першы знаходзіцца каля вёскі Горкі Шумілінскага раёна). Ён лічыўся домам нячысціка, які быў здольны да кравецкай справы. Месцічы клалі на камень палатно і грошы, а назаўтра забіралі гатовае адзенне. Валун ляжыць на беразе ракі Абалянка. Згодна паданню мясцовы чорт адрозніваўся тым, што добра ставіўся да людзей, асабліва бедных. Ён жыў у дрыгве, але часта сядзеў на камені, пасярод якога ёсць ніша, падобная на своеасаблівы фатэль. Кажуць, што калі ў яго сядзеш, то праваруч можна намацаць адбіткі нажніц, іголак і манет. П’еса Таццяны Кучынскай апавядае гісторыю пашыву Чортам апошняй сукенкі.

Тым часам Ірына Кучко працуе над лялькамі да казкі «Лёгкі хлеб».

Фота Дзяніса ВАСІЛЬЦА