Брава, Цвірка! Менавіта такі вокліч можна было пачуць не ў глядзельнай зале Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа, дзе вось ужо больш за тры дзясяткі гадоў служыць вядучы майстар сцэны, уладальнік медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка, а ў актавай зале абласной бібліятэкі, дзе да 100-годдзя тэатра распачалі цыкл творчых сустрэч “Коласаўцы”. Дарэчы, у зале, як кажуць, і яблыку не было дзе ўпасці, на сустрэчы з любімым комікам, якому ўласцівы і сур’ёзныя ролі драматычнага плану, Юрасём Цвіркам быў поўны аншлаг. Акцёр жа па-майстэрску то “спакваля і патроху” адпускаў жартачкі, а то харызматычна рабіўся ўдумлівым і разважаў пра вечныя каштоўнасці.

– Тэатр і артыст – адно цэлае. І прадугледзець поспех нават немагчыма. Гавораць, комік можа сыграць трагіка, а вось трагік коміка – не,  – лічыць Юрый Браніслававіч. – Але я заўсёды адчуваю энергетыку глядзельнай залы. Гэта натхняе.

З малых гадоў Юра марыў стаць артыстам. Але вясковага хлопца маці бачыла аграномам. І паслухмяны сын паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію. Артыстычныя здольнасці дапамагалі Юрасю пры сдачы экзаменаў. Многія выкладчыкі заўсёды былі гатовы павысіць бал таленавітаму студэнту.  Менавіта ў акадэміі адбылося замацаванне выбару ў бок акцёрскай прафесіі.

– Тэатральнай студыяй кіраваў Рыгор Траяноўскі, прафесіянал, якіх мала. Менавіта яму я абавязаны сваім досведам і сталеннем, – прыгадваў Юрый. – Ён параіў мне пасля заканчэння акадэміі ехаць у Віцебск да коласаўцаў.

Пра свае першыя крокі на коласаўскай сцэне Юрась Цвірка распавядаў з асаблівым імпэтам. Бо пачыналася ўсё з агледзінаў, якія ўчыніў мэтр легендарнай трупы народны артыст СССР Фёдар Шмакаў. І сказанае ім “так” мела лёсавызначальную сутнасць.

Канешне, не ўсё так вясёлкава было ў першыя гады маладога акцёра. Такі быў час – маладым галоўныя ролі не давалі (не тое, што зараз), задзейнічалі больш у эпізодах, масоўках.

–  У сельгасакадэміі мяне пяць гадоў называлі артыстам, а як прыйшоў у тэатр, назвалі … аграномам, – жартуе Юрась Цвірка.

І вось нарэшце з’явілася першая роля на прафесійнай сцэне – слуга ў дзіцячым спектаклі “Кот у ботах”. Сёння, калі ў вядучага майстра сцэны  амаль пад сотню сыграных роляў, у тым ліку і ў кіно, ён асаблівым чынам вылучае сваю працу ў спектаклях “Любоў па перапісцы”, “За двума зайцамі”, “Што баліць”, “Доктар філасофіі”, канешне, “Несцерка”.

Артыст перакананы: нічога проста не даецца ў жыцці, каб нечага дасягнуць, трэба працаваць, бо талент, як вядома, на 90 адсоткаў складаецца з працавітасці. А ўжо потым надыходзіць час, калі “зоркі сышліся”… З вялікай цеплынёй Юрась гаварыў пра супрацоўніцтва з рэжысёрамі Валерыем Анісенкам, Валерыем Беляковічам.

– З такімі майстрамі сустрэцца – шчасце. Калі рэжысёр паверыў у цябе, гэта найвялікшая вартасць. Так адбылося, калі мне прапанавалі ролю Макбета ў аднайменнай шэкспіраўскай пастаноўцы, – адзначыў Юрась Цвірка. ­ – Гэта роля стала ў маёй творчай кар’еры рубіконам, прынесла бездакорнае задавальненне.

Макбет у выкананні Цвіркі то ахоплены жарсцю, то паглыбляецца ў фiласофскiя разважаннi, то раптоўна на вачах змяняецца тварам i прадстае хлуслiвым д'яблам. Шматаблiчнасць героя ўражвае і сведчыць, наколькі шырокім можа быць амплуа таленавітага артыста.

На творчую сустрэчу ў бібліятэку падтрымаць калегу прыйшлі мастацкі кіраўнік тэатра Канстанцін Ганчароў, вядучы рэдактар Аляксандр Замкоўскі, сябры і партнёры па сцэне.

– У Юрыя вялікая харызма. Гэта самародак з моцным характарам, які здолеў на пачатку свайго прафесійнага шляху змяніць выбар на карысць тэатра. Ён выдатна адчувае партнёра па сцэне, – падзяліўся сваімі думкамі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушаў.

Святлана Дашкевіч не мінула сказаць пра акцёрскі поспех Юрася Цвіркі ў кіно. У мінулым годзе на IX Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў (Брэст) ён атрымаў дыплом «За лепшую мужчынскую ролю другога плану» у фільме «Киношники».

– Распачынаючы цыкл творчых сустрэч з акцёрамі, прымеркаваны да 100-годдзя нашага тэатра, юбілей якога мы будзем адзначаць у лістападзе, мы тым самым хочам падкрэсліць, што тэатр перш за ўсё ствараюць артысты. Яны годна нясуць па жыцці імя – Коласаўцы, - адзначыў Алесь Замкоўскі.

Фота Дзяніс ВАСІЛЕЦ.