Нарадзіўся будучы пісьменнік 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Яшчэ ў тэхнікуме пачаў пісаць вершы, удзельнічаў у паседжаннях літаратурнага аб’яднання пры газеце «Гомельская праўда». У 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, праходзіў службу ў Мурманску ў зенітна-артылерыйскай частцы. У 1944 годзе прымаў удзел у Вісла-Одэрскай аперацыі і ў Берлінскай наступальнай аперацыі.
Першым буйным творам І. П. Шамякіна была аповесць «Помста», апублікаваная ў 1946 годзе ў беларускім часопісе «Полымя».
Пасля дэмабілізацыі пісьменнік вярнуўся на Гомельшчыну, дзе жылі жонка з дачкой. Стаў працаваць настаўнікам, займаўся аднаўленнем разбуранай гаспадаркі, збіраў матэрыял для рамана «Глыбокая плынь». Дзве тэмы — вайна і сучаснасць — былі цэнтральнымі ў творчасці Івана Пятровіча, часта яны спалучаліся ў адным творы. Так адбываецца ў раманах «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Вазьму твой боль» (1979) і інш.
Доўгія гады займаў адказныя пасады ў апараце Саюза пісьменнікаў БССР, у тым ліку пасаду першага намесніка старшыні і першага сакратара праўлення. Яму пашчасціла сустракацца з Якубам Коласам і М. Лыньковым, працаваць з П. Броўкам і Максімам Танкам, сябраваць з І. Мележам і А. Макаёнкам.
У 1980-я гады І. Шамякін стаў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя П. Броўкі». Ён таксама займаў шэраг дзяржаўных пасад: выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, даволі працяглы час быў старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. У 1972 годзе І. Шамякіну было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.
За актыўную творчую і грамадскую дзейнасць ён быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, Дзяржаўнай і Літаратурнай прэміямі імя Якуба Коласа. Прызнаннем яго заслуг стала абранне акадэмікам Акадэміі навук Беларусі ў 1994 годзе.
Комментарии