Дзісненскі цэх у структуры фабрыкі «Віцябчанка» — адно з лепшых вытворчых падраздзяленняў

2022-07-01 14:01:06

Дзісненскі цэх у структуры фабрыкі «Віцябчанка», што ў Міёрскім раёне, — адно з лепшых вытворчых падраздзяленняў. Невялікі калектыў, у штаце якога крыху больш за дваццаць работнікаў, з месяца ў месяц уносіць у выкананне вытворчай праграмы свой важкі ўклад. Шые прадукцыю ў асноўным на экспарт. Курткі і паліто, напэўна, і сёння ў гардэробе многіх еўрапейскіх жанчын. А ў апошнія гады іх палюбілі менавіта расіянкі.

- Плённа супра­цоўнічаем з фірмай «Рускантракт». Дзякуючы гэтаму заказчыку заўсёды маем работу. Цяпер шыем для яго мужчынскія і жаночыя паліто і курткі – сучасныя, цікавага крою, уцепленныя пухам. За год фабрыка выпускае іх па 15 тысяч адзінак, на дзісненскі калектыў прыпадае практычна палова гэтага аб’ёму, – уводзіць у курс справы начальнік цэха Лідзія Урбанчук.

Добрае імя швач­кі не­вялікага правінцыяльнага цэха заваявалі даўно. Навучыліся шыць без дэфектаў, выводзіць роўнае шво, па якім пакупнікі ў першую чаргу і вызначаюць якасць пашыву, ладна «садзіць» па фігуры. Вядома, гэта здарылася не ў адзін дзень і нават год. Прыйшоў час, калі сітуацыя змянілася, і пакупнікі перасталі змятаць любы тавар з паліц і вешалак магазінаў, адмовіліся ад так званага шырпатрэбу. Давялося не раз перарабіць вернутыя вырабы. Але разам з гэтым прыходзіў і вопыт. Цяпер гэта калектыў сапраўдных майстрыц. У многіх стаж вымяраецца дзясяткамі гадоў. Набліжаецца да сарака ў Зінаіды Ісілёнак, больш за трыццаць у Наталлі Сачыўкі, Галіны Ерамянок, Зоі Чалалы, Алены Фіалкі, Ірыны Вагер. Працоўная біяграфія гэтых жанчын звязана з адным месцам працы. І на пенсіі яны не пакінулі калектыў, задаюць тон у вытворчым працэсе, дапамагаюць маладым асвоіць прафесію.

Многія работнікі цэха адзначаны кіраўніцтвам галаўнога прадпрыемства. Гэта Людміла Грыгаран (на фота), майстар Юлія Воюш.

– Шкада, што такога ўз­роўню прафесіяналаў у швейнай вытворчасці цяпер мала, – са скрухай гаворыць начальнік цэха. – Паўсюдна па краіне існуе дэфіцыт швачак. Справа патрабуе пастаяннай увагі, уседлівасці, цярпення. Праўда, зараз аплочваецца лепш, чым раней. За апошнія месяцы сярэдні заробак перабольшыў тысячу рублёў.

Памер яго, удакладняе Лідзія Урбанчук, у многім залежыць ад зладжанасці работы швачак. На канвееры ў кожнай у залежнасці ад кваліфікацыі свая аперацыя, а іх, каб з’явілася гатовая рэч, даводзіцца выканаць да 300. Праца камандная. Замарудзіць хто – саб’ецца рытм усіх. Таму навічкам даручаюць простую аперацыю, паступова далучаючы да выканання больш складаных. Цяпер па гэтай прафесіянальнай дарозе ідзе выпускніца Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа Ганна Шымуковіч. Маладую работніцу ў калектыве прынялі цёпла, стараюцца дапамагчы хутчэй увайсці ў вытворчы працэс.

– Хацелі б, каб прыжылася, – кажуць швачкі. – Дзяўчына старанная, і швачка з яе будзе добрая, хутчэй, чым мы, дойдзе ­да 5-га ці нават 6-га разраду. Увогуле нам за сваю работу не сорамна. У сваіх умовах і па магчымасцях цэха можам выканаць заказ любой складанасці.

 

Последние новости

01.07.2022
Реабилитационно-оздоровительный лагерь «Радуга» в Лиозненском районе в новом сезоне примет около 600 детей
01.07.2022
ФОТОФАКТ: У Сянне праходзiць навуковая канферэнцыя “Сенненскі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна”
01.07.2022
Слет православной молодежи Беларуси пройдет в Полоцке и Друе 15-17 июля
01.07.2022
На Кургане Дружбы в Верхнедвинском районе впервые откроется белорусско-российский молодежный лагерь
01.07.2022
1 июля мобильные датчики контроля скорости будут работать в Городокском и Витебском районах
01.07.2022
Как благоустроить Витебск? Публикуем самые интересные и креативные предложения горожан
01.07.2022
«Беларусбанк»: жилье стало еще доступнее
01.07.2022
Праздник поэзии и песни в честь Янки Купалы пройдет в Левках 2 июля