У гэты дзень у фае Валынецкага Дома культуры можна было даведаццапра майстроў гэтага куточка Верхнядзвіншчыны і падзівіцца на іх шматлікія работы — сплеценыя з саломы, зваляныя з воўны, вылепленыя з гліны, вышытыя.
Сярод іх былі і зробленыя мясцовай майстрыцай Нінай Кулагінай. Жанчына вышывае так, што атрымлівае самую высокую ацэнку спецыялістаў на розных выставах і конкурсах, дзе яна ўдзельнічала. Здзіўляе тое, што да вышыўкі Ніна Міхайлаўна звярнулася ў сталым узросце, калі ў сям’і здарылася гора – цяжка захварэла старэйшая дачка. Каб хоць на нейкі час перастаць думаць пра напаткаўшую бяду, нацягнула на пяльцы канву і пачала класці на яе крыжыкі. З таго часу мінула васемнаццаць гадоў. Прытупеў боль ад страты крывінкі, а захапленне вышыўкай засталося. За работай сталі нараджацца вершы, класціся ў куплеты частушкі, выйшла з імі на сцэну, узяла ў рукі баян. Напоўніла будзённасць рознымі захапленнямі, і жыццё асвяцілася светлымі фарбамі.
Лёс не пеставаў жанчыну. Яна нарадзілася і вырасла ў сям’і прафесіянальнага ваеннага. Даводзілася шмат пераязджаць з месца на месца. Жылі і на Камчатцы, і ў Эстоніі. На Лёзненшчыне, адкуль быў родам бацька, Ніна скончыла васьмігодку. У гэты час якраз пачалі асвойваць цаліну. Туды і падалася сям’я. Ніна вывучылася на трактарыстку, упоравень з хлопцамі арала, была поварам, прымала збожжа.
– Камсамолка, – з лёгкім сумам пра даўно мінулую маладосць кажа жанчына. — Куды адпраўлялі, туды ішла. Адказнасць і дысцыплінаванасць былі ўласцівыя нашаму пакаленню.
Доўгі час жыла ў Хабараўскім краі. Выхавальніца дзіцячага сада, рабочая спачатку на будоўлі, а пасля на чыгунцы. У брыгадзе 2 жанчыны і 4 мужчыны – клалі шпалы, рэльсы. Выйшла замуж, але сумеснае жыццё не склалася, і Ніна разам з чатырма дзецьмі вярнулася ў Беларусь, у Верхнядзвінскі раён, дзе сустрэла сваю палавінку.
Аповед маёй субя-седніцы быў чарговым пацвярджэннем таму, як цяжка ўзнімалася краіна пасля вайны і як няпроста давалася гэта пакаленню нашых бацькоў і дзядоў. Але, калі шчыра, уразіла не столькі цяжкая праца, якой давялося займацца майстрыцы, колькі яе мова – правільная руская, не засмечаная ўласцівай многім з нас трасянкай, і аптымізм.
Пасля смерці дачкі дапамагла стаць на ногі яе дзецям, самую малодшую ўнучку практычна выгадавалі з мужам. Сёлета яна заканчвае адукацыю, будзе фармацэўтам.
Дзякуй Богу, кажа Ніна Кулагіна, цяпер душа на ўздыме. Вышывае маладую жанчыну ў рамонках, якая трымае над галавой немаўля. Назвала карціну «Мацярынская любоў» і пастаралася перадаць колерамі фарбаў любоў усіх матуль да свайго дзіцяці. І на сцэне не мае сабе роўных, лічыцца ў вобласці адной з найлепшых частушачніц, мае не адзін дыплом за майстэрства выканання. Спявае ў клубнай самадзейнасці, сустракаецца з сяброўкамі. У свае 76 гадоў дасць фору, як кажуць, намнога маладзейшым, што засумавалі на канапах перад тэлевізарам.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.