ХХХIII Дзень беларускага пісьменства адбудзецца 5 і 6 верасня на Магілёўшчыне, сталіцай свята стануць Касцюковічы.
Сярод галоўных тэм, якім будзе прысвечана свята: 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны; Год беларускай жанчыны; юбілеі класікаў беларускай літаратуры; пяцігодка якасці.
Касцюковіцкі раён – радзіма слынных Аркадзя Куляшова, Алеся Пісьмянкова, Івана Чыгрынава, наогул гэты край падарыў нацыянальнай літаратуры цэлую плеяду яркіх імёнаў.
Упершыню свята адбылося ў 1994 годзе ў старажытным Полацку, на радзіме Францыска Скарыны. З тых часоў сталіцамі ўрачыстасцяў станавіліся практычна ўсе ключавыя гісторыка-культурныя цэнтры краіны: Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў. У 2017 годзе, у год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, свята зноў вярнулася ў Полацк. А ў 2023 годзе XXX Дзень беларускага пісьменства прайшоў у Гарадку — на радзіме Канстанціна Вераніцына, аўтара знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе».
Жыхароў і гасцей сёлетняга свята чакае насычаная праграма культурных і дзелавых мерапрыемстваў. Яе асаблівасцю стане павільён рэдкай кнігі, у якім плануецца сабраць унікальныя выданні з усёй краіны (рэдкія старадрукі, факсіміле, мініяцюрныя кнігі і г.д.). а таксама «кабінет пісьменніка», дзе будуць прадстаўлены рукапісы, асабістыя рэчы, рэдкія фатаграфіі і архіўныя дакументы пісьменнікаў.
Тэматычная інтэрактыўная прэзентацыя «Ад берасцянай граматы — да сучасных рэалій» прадэманструе асноўныя гістарычныя вехі развіцця кнігадрукавання на Магілёўшчыне, плануецца і ўнікальная экспазіцыя «Фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг».
Традыцыйна будзе арганізавана работа Фестывалю кнігі і прэсы, з прадстаўленнем лепшых узораў сучаснага беларускага кнігавыдання, літаратурнага і культурнага патэнцыялу ўсіх абласцей і Мінска.