Праект “Коласаўцы”, прымеркаваны да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, сабраў на гэты раз талетавітых і перспектыўных маладых артыстаў начале з мастацкім кіраўніком Канстанцінам Ганчаровым і прыхільнікаў Мельпамены ў актавай зале Віцебскай абласной бібліятэкі. Кожны з творцаў распавёў пра свой асабісты вопыт работы на сцэне, удалыя ролі, планы і мары. Размова атрымалася шчырай і зацікаўленай.
Аляксей Анісеня пра акцёрскую працу пачаў марыць з восьмага класа, пазнаёміўшыся бліжэй з рэпертуарам тэатра, захапіўся цалкам, і сёння ён ужо паспяхова заяўляе пра сабе і ў ролі Гамлета, і ў ролі Керубіма ў “Жаніцьбе Фігара”. Аляксей расказаў пра сваю працу ў камедыйным фільме “Кіношнікі” (“Беларусьфільм”), і пра тое, наколькі складана паглыбіцца ў сусветныя пытанні гамлетаўскага вобраза.
Міхаіл Асанаў у будучым бачыць сябе ў рэжысёрскім крэсле, хаця ў школьныя гады захапляўся спортам і ўяўляў шлях на спартыўны алімп. Лічыць, выпадкова трапіў у Віцебскі каледж мастацтваў, але цяпер яго жыццё – тэатр.
– Больш за ўсё люблю іграць у дзіцячых спектаклях. Дзеці – самы ўдзячны глядач, – гаворыць Міхаіл.
Дзмітрый Філімоненкаў вялікі аматар і прапагандыст выкарыстання роднай мовы ў звычайным і культурным асяроддзі. Сярод калег і партнёраў вылучаецца крытычным поглядам на ўсе творчыя здабыткі. Іграе ў многіх спектаклях, сярод якіх – роля Мікалая Рыбака («Сотнікаў» В.Быкава паводле аднайменнай аповесці), Маладога чалавека («Вяселле-буф» па п'есе Б.Брэхта), Васіля («Дзеці. Вёрсты»).
– З Дзімай класна працаваць, - гаворыць мастацкі кіраўнік тэатра. – Бо ў яго заўсёды ёсць пытанні, і да гэтага трэба быць гатовым. Такое суаўтарства прыносіць плён.
Першы выхад на сцэну ў Дар’і Французавай адбыўся ў спектаклі «Асенні rock'n'roll». Гэта быў яркі пачатак, і зараз Даша аддана працуе ў тандэме з народным артыстам Беларусі Тадэвушам Антонавічам Кокштысам, стварае натхнёны вобраз “Гісторыіі кахання”. Алёна Меркушава прызналася, што любіць усе свае ролі. Канешне, прыемна, калі на спектаклі аншлаг, як, напрыклад, ідуць на “Тытанавую ведзьму”, дзе Алёна выконвае ролю Марты.
Антон Бараноўскі заўважыў, што да кожнага выхаду на сцэну ён вельмі адказна рыхтуецца. Яму падабаецца праца над прэм’ерным спектаклем “Зімы не будзе”, які ў хуткім часе пабачыць глядач.
Важна, што моладзь тэатра разумее, менавіта ёй працягваць стогадовыя традыцыі вялікай тэатральнай сцэны нацыянальнага маштабу. Пераемнасць пакаленняў узбагачае шлях тэатральнага мастацтва да новых вышынь.
Фота Дзяніса ВАСІЛЬЦА.