Спаса-Праабражэнскі храм Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра – адзіны помнік XII стагоддзя, які ў поўным аб'ёме захаваўся да нашых дзён. Больш за 30 год тут ішлі рэстаўрацыйныя работы. Зараз гэта ўнікальнае святое месца адкрыта для ўсіх, хто хоча дакрануцца да гісторыі, убачыць арыгінальныя фрэскі, папрасіць духоўнай дапамогі ў заступніцы зямлі беларускай – прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Спаса-Праабражэнскі храм быў узведзены па заказу прападобнай ігуменні Еўфрасінні таленавітым дойлідам Іаанам усяго за 30 тыдняў. Вядома, за сваю шматвяковую гісторыю царква зведала пэўныя змены.

Рэстаўрацыя храма пачалася на пачатку 1990-х гадоў. На першым этапе раскрыццём першапачатковага фрэскавага роспісу займаўся беларускі рэстаўратар жывапісу Уладзімір Ракіцкі. У 2006 годзе да працы падключыліся прадстаўнікі Міжабласнога навукова-рэстаўрацыйнага мастацкага ўпраўлення з Масквы. У храме двойчы былі абнаўленні ў XIX стагоддзі: у 1833 і 1885 гады. Сюжэты адлюстроўваліся алейнымі фарбамі паверх старой фрэскі. Дзякуючы сучасным тэхналогіям удалося не толькі аддзяліць ад старажытных фрэсак алейны жывапіс, але і расслаіць паміж сабой два роспісы 30-х і 80-х гадоў XIX стагоддзя, а затым перанесці яго на новую цвёрдую аснову. Цяпер захаваны алейны жывапіс XIX стагоддзя экспануецца ў Полацкай мастацкай галерэі.

Выдаленне алейнага жывапісу дазволіла поўнасцю раскрыць фрэскі XII стагоддзя, якія займаюць каля 1000 квадратных метраў, што складае 90 % плошчы сцен храма і амаль усю праграму роспісу.

Асноўны этап рэстаўрацыі праходзіў з 2017 па 2024 год. Выкананы поўны комплекс работ па інжынернай рэстаўрацыі помніка, мерапрыемствы па ўзмацненні апорных канструкцый і кансервацыі старажытных архітэктурных дэталяў. У ходзе рэстаўрацыі ў інтэр'еры раскрылася шмат архітэктурных, канструктарскіх, арыгінальных інжынерных рашэнняў. Для захавання старажытных фрэсак у Спаса-Праабражэнскай царкве створаны асаблівы клімат.

 

Са студзеня 2025 года святую абіцель наведалі 2226 экскурсійных груп, а гэта 58 416 чалавек з розных куткоў Беларусі, Расіі, блізкага і далёкага замежжа.

Цікавыя факты

Фота з архiва "ВВ".