Наталля Сударыкава пераступае парог Крынкаўскай школы 47-ы год. Сціплая жанчына, вялікай душы чалавек, поўнасцю адданы сваёй справе і выхаванню падрастаючага пакалення. Яна не проста сее ў душах дзяцей «разумнае, добрае, вечнае», а вучыць іх любіць родную зямлю і родную мову так, як любіць сама. Наталля Васільеўна працягвае справу сваёй маці, таксама настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, і не шкадуе аб выбраным шляху. Шмат часу і сіл аддае краязнаўчай рабоце, і менавіта ў гэтым напрамку яе вучні дасягнулі найлепшых вынікаў. У Крынках і наваколлі шмат аб’ектаў для вывучэння і добраўпарадкавання, але адна тэма гучыць у сэрцы настаўніцы найбольш гучна, найбольш балюча.
– Пра Вялікую Айчынную вайну я проста так гаварыць не магу, – прызнаецца настаўніца. – Нарадзілася я, канечне, пасля вайны, але памяць пра яе жахі заўсёды захоўвалася ў нашай сям’і. Мой дзед па лініі маці Іосіф Слабко з Вялікай Айчыннай не вярнуўся, другі дзед быў на акупіраванай тэрыторыі, як мог дапамагаў партызанам – шыў абутак. Аднойчы карнікі завіталі ў вёску Старына і за тое, што яе жыхары дапамагалі партызанам, вырашылі расстраляць усіх. Дзед не вытрымаў і выкрыкнуў: «Навошта ўсіх людзей расстрэльваць?» Немцу пераклалі гэту фразу, і ён змяніў сваё рашэнне: расстралялі кожнага пятага. Вось так дзед выратаваў чатырох з пяці жыхароў вёскі.
Увогуле, крынкаўская зямля шчодра паліта крывёй: тут 9 месяцаў стаяў фронт. Не данесці праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны да маладога пакалення я лічу для сябе сорамам. У дзяцінстве і юнацтве я сустракалася і гутарыла са многімі ветэранамі, некаторыя з іх былі сябрамі майго дзеда Андрэя і прыходзілі да нас у хату. З цеплынёй успамінаю свае піянерскія гады, у школе пачынала свой шлях піянерважатай і зараз працую з піянерскай арганізацыяй, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Марыі Акцябрскай. Патрыятызм выхоўвалі і кнігі беларускіх пісьменнікаў, паэтаў. Я вельмі люблю творы Васіля Быкава, Алеся Адамовіча і нашага земляка Міхася Лынькова.
Добрым словам хачу успомніць таксама і свайго настаўніка гісторыі Аляксандра Васільевіча Каралёва, які таксама прывіваў нам на ўроках любоў да Радзімы і цікавасць да гісторыі краіны. Ён быў партызанам брыгады Аляксея, мёрзнуў ва ўшацкіх балотах, быў паранены. На ўроках ён распавядаў пра свае партызанскія будні, удзел у розных аперацыях, якія праводзілі партызаны і на чыгунцы, і на шасэйных дарогах. Гэтую памяць, якая зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве, я павінна перадаць іншым.
У мінулым годзе, калі ў нашай краіне шырока святкавалі 80-годдзе Вялікай Перамогі, вучні Наталлі Сударыкавай заваявалі шэраг адметных узнагарод. Сама настаўніца ўдзельнічала ў экспедыцыі «Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства», краязнаўчых музейных чытаннях «Пад кодавай назвай «Баграціён» і «Вайна. Перамога. Памяць». Каманда школы заняла другое месца ў абласной ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца». Нават з Расійскага ўніверсітэта Дружбы народаў Наталлі Васільеўне прыйшла падзяка за высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў да Міжнароднага конкурсу праектаў для школьнікаў «Турызм будучага – будучае турызму».
Аляксандр Іваноў і Станіслаў Галубоўскі, вучні 8-х і 7-х класаў, удзель-
нічалі ў рэспубліканскім праекце па азеляненні и добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў у намінацыі «Вечная памяць героям». З красавіка па верасень хлопцы даглядалі магілу Міхаіла Навумава – Мішкі-марака. Прыводзілі ў парадак, высаджвалі кветкі. Праводзіў конкурс Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Калі падчас абвяшчэння пераможцаў прозвішча Стаса, які ездзіў на цырымонію ўзнагароджання
разам з настаўніцай, не аказалася ў спісе дыпламантаў, уладальнікаў другога і трэцяга месца, хлопец пачаў суцяшаць Наталлю Васільеўну: «Галоўнае ж удзел…»
А калі абвясцілі імя пераможцы, настаўніца і вучань не адразу зразумелі, што трэба ісці на сцэну.
Не менш значнай была перамога 11-класніцы Марыі Стахоўскай у складзе
каманды Віцебскай вобласці, у якую яна трапіла дзякуючы другому месцу на абласным этапе, у рэспубліканскім конкурсе «Беларусь – мая Радзіма» ў рамках грамадзянска-патрыятычнага праекта «Збяры Беларусь у сваім сэрцы».
Наталля Васільеўна з’яўляецца кіраўніком школьнага музея Міхася Лынькова, падтрымлівае сувязь з унучкай пісьменніка. Але ў школе ёсць яшчэ музей Баявой славы. Яго ўзначальвае настаўнік гісторыі Васіль Купчонак, які таксама праводзіць вялікую патрыятычную работу.
Нездарма сёлета пры падвядзенні вынікаў XI раённай прэміі «Сунічка-2025» Васіль Купчонак названы «Чалавекам года Лёзненшчыны», а пераможцай у намінацыі «Поспех» стала майстэрня грамадзянскай актыўнасці і творчасці «З Беларуссю – сэрцам і справамі» Крынкаўскай сярэдняй школы імя
М. Лынькова (дырэктар Іна Купчонак). Адзначана, што яе ўдзельнікі Марыя Стахоўская, Аляксандр Іваноў і Станіслаў Галубоўскі ўзнагароджаны дыпломамі рэспубліканскіх конкурсаў патрыятычнай накіраванасці.
У Крынкаўскай школе навучаецца амаль сотня дзяцей. Школа беларускамоўная, і гэта таксама мае значэнне для яднання са сваімі каранямі, паўсядзённага клопату пра будучыню краіны. Не на словах – на справе настаўнікі і вучні клапоцяцца пра захаванне памяці, гісторыі роднага краю і мовы.
– Я люблю нашу мову за тое, што яна прыгожая, меладычная, шчырая, – у чарговы раз прызнаецца ў любві да прафесіі Наталля Сударыкава. – На ёй размаўлялі нашы продкі і, спадзяюся, яе захаваюць нашы нашчадкі.
Паўвека назад Крынкаўскай сярэдняй школе Лёзненскага раёна было прысвоена званне народнага пісьменніка БССР Міхася Лынькова. Яе вучні неаднаразова выходзілі пераможцамі ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах. І ў гэтым, безумоўна, вялікая заслуга педагагічнага калектыву.
Фота Дзяніса ВАСІЛЬЦА
Комментарии