У Віцебскай абласной бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з вядомымі беларускімі пісьменнікамі Віктарам Шніпам і Людмілай Рублеўскай. На сустрэчы былі прэзентаваны новыя кнігі вершаў “Адзінокае дрэва нябёс”, “Сад камянёў” і зборнік эсэ – літаратурны гайд “Пісьменніцкія вандроўкі”.
Прадставіць мінскіх літаратараў прыехаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва “Беларусь” Алесь Карлюкевіч. Ён адзначыў, што сёння менавіта газеты, часопісы і кнігі ствараюць базу для захавання адрасоў гістарычнай памяці. Віктар Шніп – галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” – рэалізуе знакавы праект – вядзе серыю “Бібліятэка паэзіі”, адраджаючы даўнюю традыцыю папулярызацыі паэтычнага слова. Людміла Рублеўская - аўтар гістарычных раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча», «Сутарэнні Ромула», «Пантофля Мнемазіны», шматлікіх іншых кніг паэзіі і прозы, як журналіст многа вандруе па малых гарадах і населеных пунктах Беларусі, збіраючы па драбніцах звесткі пра таямнічыя і малавядомыя з’явы мінулага і сучаснага.
– Віцебская вобласць – вельмі багатая на яскравыя мясціны, - падзялілася Людміла Рублеўская. – З нашай сямейнай камандай мы пабывалі і ў Гняздзілаве (Докшыцкі раён), на Міёршчыне па шляхах Язэпа Драздовіча, у Полымі на Сенненшчыне, Іванску (Чашніцкі раён), Юрцава, Межава, Смал’яны – Аршанскі раён… А потым гэтыя вандроўкі выраслі ў літаратурныя гайды, бо, бывае, праз адну дэталь развіваецца пэўная сюжэтная лінія.
На творчай сустрэчы пісьменнікі шчыра распавядалі пра тое, што дае чалавеку яго повязь з малой радзімай, што натхняе на новыя творы.
З цікавасцю да аўтарскай лабараторыі паставіліся і віцебскія пісьменнікі, якія прышлі на сустрэчу з мiнскiмi калегамі. Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка выказала шчырую падзяку за ўвагу да паўночнага регіёна.
Фота аўтара.
Комментарии