s13.ru предлагает кандидатам в депутаты Палаты представителей Национального собрания седьмого созыва от Гродно опубликовать свою программу на нашем сайте, при желании организовать  прямой эфир, например, в Instagram, где каждый желающий сможет задать свой вопрос публично.

Вадзім Саранчукоў – Усё будзе Гродна!

  • Гродзенец.
  • Беларус.
  • Праваслаўны.
  • З 2009 года жыве на тэрыторыі Цэнтральнай акругі.
  • Разам з жонкай выхоўвае трох сыноў.
  • Юрыст, спецыяліст па грамадзянскім праве.
  • Эксперт у галіне рэгіянальнага развіцця.
  • Рамеснік, у прадпрымальніцкай дзейнасці з 1998 года.
  • Беларускі нацыяналіст.
  • Намеснік Старшыні Партыі БНФ.
  • Ініцыятар #kamanda28

Вітаю ўсіх, і старых знаёмых на гэтым блогу, і тых, з кім сёння размаўляем упершыню!))

У сённяшняй Беларусі праграма кандыдата ў Парламент – гэта нават не спіс законапраектаў, гэта хутчэй ўстаноўкі на бліжэйшыя гады, арыентыры, з якімі мы будзем працаваць і пасля 17 лістапада. І гэта нават важней, чым бюлетэні, якія будуць у скрынях ў нядзелю! Гэта той вобраз Горада і Краіны, які мы ўсе лічым вартым, за які дыскутуем і які прапаноўвае #kamanda28. Гэта – нашы каштоўнасці.

Каштоўнасці - тое, што нас аб’ядноўвае. У краіне, якая зышла са шляху дэмакратыі, дзе Асноўны Закон перапісваецца пад аднаго чалавека, дзе Незалежнасць становіцца аб’ектам гандлю з суседзямі, а правы і свабоды чалавека перастаюць быць прыярытэтам - немагчыма казаць пра дабрабыт і бяспеку.

Наша задача - вярнуць гэтыя каштоўнасці! Вярнуць у простай і зразумелай форме, у форме Азбукі Гарадзенца!

Дзе:

А- Адказнасць. Толькі нам належыць гэта краіна. Старая прымаўка пра ”хату с краю” мае працяг - “гарыць першая”. Быць абыякавым - не пра гарадзенцаў.

Б- Бяспека. Усё, што мы робім - для таго, каб забяспечыць вольнае і бяспечнае жыццё ў Беларусі.

В- Воля. Толькі свабодны чалавек у свабоднай краіне можа дасягнуць дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Г- Гендар. Роўныя правы для ўсіх - аснова нашага разумення Свету.

Д - Дом. Гародня - наш дом і іншага нам ні хто не падорыць).

Е - Еўропа. Наш стратэгічны выбар.

Ж - Жыццё. Мы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

З - Здароўе. Мы за ўвядзенне страхавой медыцыны. Чалавек павінен сам выбіраць дзе атрымліваць медпаслугі. Гэта забяспечыць канкурэнцыю на рынку і спыніць міграцыю медыкаў за мяжу.

І - Інвестыцыі. Галоўныя рэчы ў свеце – гэта зусім не рэчы. Мы разумеем, што асноўныя інвестыцыі ў сённяшняй Беларусі павінны быць у чалавечы капітал, у сям’ю, у дзяцей, адукацыю, здароўе, экалогію.

К - Канстытуцыя. Асноўны закон краіны. Мы супраць таго, каб яна змянялася пад аднога чалавека.

Л - Лібералізацыя. Вольнае перамяшчэнне працоўнай сілы і тавараў – карысць для Беларусі і Гродна.

М - Мабільнасць. Сучасны свет вельмі імклівы. Беларусам павінна быць забяспечана магчымасць вучыцца і працаваць у любой краіне.

Н - Незалежнасць - гэта святое!

О - Опіўм. Артыкул 328 павінен караць наркадылераў. Залежныя ж – павінны атрымаць якаснае лячэнне.

П - Падаткі. Большасць падаткаў павінна заставацца ў рэгіёнах і ісці на патрэбы насельніцтва.

Р - Рэнесанс. Нацыянальнае адраджэнне - адна з першасных задач дзяржавы.

С - Самакіраванне. Мы за падпісанне і ратыфікацыю Еўрапейскай хартыі самакіравання.

Т - Турызм. Крыніца даходаў для нашага рэгіёна, якая павінна стаць прыярытэтам.

У - Урбаністыка. Гарадское планаванне павінна быць для людзей! Веладарожкі і бардзюры, зялёныя зоны і, канешне, ніякіх забораў у парках.

Ф - Фальсіфікацыі. Мы павінны абараніць нашыя галасы на выбарчых участках.

Х - Характар. Гарадзенскі характар - легенда! Мы жывем у горадзе каралей і Васіля Быкава!

Ц - Цэнзура - не дапушчальна! Свабода слова - тое, што робіць чалавека Грамадзянінам!

Ч - Чарнобыль. Мы - за вяртанне ільготаў і гарантыі пацярпелым.

Ш - Школа. Настаўнікі - гонар нацыі, а не робаты для фальсіфікацыі выбараў.

Э - Экалогія. Астравецкая АЭС – небяспечна для Беларусі.

Ю - Юстыцыя. Мы павінны вярнуць у Беларусі верхавенства права.

Я - Кожны чалавек - каштоўнасць. Менавіта з кожнага Я фармуюцца Гарадзенцы, Беларусы, МЫ!

Я маю гонар звяртацца да вас ад імя #kamanda28 – каманды, у якую ўвайшлі лідэры і актывісты гарадзенскіх арганізацый, гісторыкі, эканамісты, эколагі, урбаністы, прадпрымальнікі, палітыкі. Каманда, дзе ёсць месца кожнаму! Сёння мы яднаемся вакол каштоўнасцяў, якія робяць з жыхароў – гарадзенцаў, з насельніцтва – грамадзян.

Наша моц у адзінстве і зараз вельмі патрэбна Ваша дапамога:

- мы запрашаем валанцераў на пікеты і раздачу матэр'ялаў

- мы запрашаем назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі і на падлік бюлетэняў

Мы будзем удзячны кожнаму!

k28grodna@gmail.com

https://t.me/kamanda28

Усё будзе Гродна!